КЛІ́ЧАЎСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

тэрыторыя Клічаўскага, часткі сумежных з ім Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага і інш. р-наў Магілёўскай вобл., якую кантралявалі партызаны. Стваралася з кастр. 1941 у ходзе баёў партызан за вызваленне Клічаўскага р-на ад акупац. улад. Да сак. 1942 партызаны разграмілі больш за 80 варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. На пач. 1944 тэр. зоны склала больш за 3 тыс. км², дзе знаходзілася больш за 70 тыс. мірных жыхароў пад абаронай 18 тыс. партызан. На яе тэрыторыі ў розныя часы базіраваліся Бабруйскі падп. міжрайком КП(б)Б, Магілёўскі падп. абком КП(б)Б, штаб Магілёўскай ВАГ пры ім, раённыя падп. райкомы КП(Б)Б і ЛКСМБ, выдаваліся газ. «За Радзіму», «Голас партызана» і інш. З ліп. 1942 у Клічаве і в. Галынка Бярэзінскага р-на дзейнічалі партыз. аэрадромы. Стойкая абарона зоны (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943, Кучынскі бой 1942) забяспечвала партызанам пастаянную сувязь з Вял. зямлёй, абарону насельніцтва ад карнікаў. У чэрв. 1944 партыз. фарміраванні зоны злучыліся з Чырв. Арміяй. У Клічаве ў гонар партызан насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік; помнік на месцы прызямлення 1-га самалёта з Вял. зямлі.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)